Кампетэнцыі трэнера адукацыйных праграм у галіне правоў чалавека

Якімі кампетэнцыямі павінен валодаць трэнер нефармальных адукацыйных праграм у галіне правоў чалавека?

У сучасных сусветных адукацыйных практыках існуе некалькі падыходаў да разумення адукацыі па правах чалавека:

  1. Адукацыя пра гісторыю і філасофію правоў чалавека (гэты падыход найбольш распаўсюджаны ў беларускіх школьных падручніках);
  2. Адукацыя пра дакументы па правах чалавека і механізмы абароны правоў чалавека (гэты падыход таксама называецца праваабарончай адукацыяй);
  3. Навучанне каштоўнасцям правоў чалавека як квінтэсенцыі найлепшых маральных, сацыяльных і інш. якасцяў асобы, назапашаных чалавецтвам, і якое мае на мэце змяніць навучэнца ў лепшы бок;
  4. Навучанне правам чалавека як тэхналогіі сацыяльнай трансфармацыі грамадства праз падрыхтоўку сацыяльна-актыўнага грамадзяніна як лідара групы інтарэсаў.

Грамадскае аб’яднанне “ВІТ”, якое працуе ў накірунку грамадзянскай і прававой адукацыі, а таксама адукацыі па правах чалавека з 1997 года, у сваёй дзейнасці арыентуецца на сінтэзны падыход да адукацыі па правах чалавека, які спалучае і гістарычны, і каштоўнасны, і нарматывісцкі, і таксама трансфарматывісцкі падыходы. У гэтым сэнсе адукацыя па правах чалавека з’яўляецца сярэднім звяном, якое спалучае (а часам і накладваецца на) роднасныя адукацыйныя накірункі – грамадзянскую адукацыю, прававую адукацыю, каштоўнасную адукацыю, адукацыю ў галіне ўстойлівага развіцця і інш.

Мы лічым, што шырокае разуменне адукацыі ў галіне правоў чалавека робіць яе сваеасаблівай універсальнай рамкай, якая можа адаптавацца пад патрэбы адпаведнай адукацыйнай ці сацыяльнай мэты і мэтавай групы.

У сваёй адукацыйнай дзенасці Грамадскае аб’яднанне “ВІТ” звяртае асаблівую ўвагу на якасць сваіх праграм. Асноўным крытэрыям якасці мы лічым адэкватнасць падтрыхтоўкі навучэнцаў як пастаўленым намі адукацыйным мэтам, так і асабістым патрэбам навучэнца. Найбольш прыдатным механізмам ацэнкі адукацыйных праграм нам падаецца вызначэнне ступені дасягнення ўдзельнікамі нашых праграм адпаведных кампетэнцый. Менавіта папярэдняе вызначэнне і ўзгадненне гэтых кампетэнцый і з’яўляецца перадумовай паспяховай адукацыйнай праграмы.

Пад кампетэнцыяй мы разумеем камбінацыю і вынік дасягнення пэўнага ўзроўню ведаў, навыкаў і каштоўнасцяў, якімі павінен валодаць трэнер, і якія ен павінен выкарыстоўваць на практыцы. У гэтым сэнсе кампетэнцыя больш шырокае паняцце, чым здольнасць, кампетэнцыя – гэта звычайна сінтэз некалькіх ўзаемазвязаных здольнасцяў, спалучэнне якіх дапамагае дасягнуць сінергітычнага эфекту.

Спецыялістамі нашай арганізацыі быў падрыхтаваны пералік кампетэнцый, якія, на нашую думку, павінен мець трэнер у галіне правоў чалавека, і якія мы прапануем на абмеркаванне. Гэтыя кампетэнцыі мы ўмоўна аб’ядналі ў 4 групы:

Кампетэнцыі ў галіне правоў чалавека

  • Ведаць і разумець гісторыю, філасофію і асноўныя падыходы да таго, што такое правы чалавека, быць здольным вольна ўжываць гэтыя паняцці, прыводзіць аргументы на карысць адпаведных падыходаў і дзейнічаць у адпаведнасці з падставовымі каштоўнасцямі правоў чалавека як на побытавым узроўні, так і ў прафесійнай сферы
  • Ведаць і адэкватна ставіцца да асноўных дакументаў і механізмаў абароны правоў чалавека, разумець логіку іх станаўлення і перспектывы развіцця, а таксама наступствы іх выкарыстання; мець досвед, альбо быць гатовым да іх выкарыстання на карысць асобы і/ці супольнасці
  • Ведаць, разбірацца і мець уласнае стаўленне да сучасных глабальных і мясцовых праблемаў, звязаных з парушэннямі асобных правоў чалавека, быць здольным іх абмярковаць, прадпрымаць дзеянні і пабуджаць іншых на дзеянні, накіраваныя на вырашэнне гэтых праблем і адстойванне рэлевантных інтарэсаў грамадскасці

Кампетэнцыі ў галіне адукацыі па правах чалавека

  • Здольнасць крытычна пераасэнсаваць і данесці іншым розныя погляды на пытанні і дылемы, што маюць дачыненне да правоў чалавека
  • Разуменне і здольнасць патлумачыць адметнасці і падабенствы канцэптуальных падыходаў да адукацыі па правах чалавека ў параўнанні з іншымі падобнымі адукацыйнымі накірункамі (грамадзянская адукацыя, прававая адукацыя, каштоўнасная адукацыя, адуакацыя для ўстойлівага развіцця і інш.)
  • Разуменне і здольнасць ужывання адукацыі па правах чалавека як сродка фармавання супольнасці, заснаванай на каштоўнасцях правоў чалавека
  • Здольнасць тлумачыць і пераконваць іншых у каштоўнасці адукацыйных праграм па правах чалавека і важнасці іх выкарыстання ў фармальнай і нефармальнай адукацыі на нацыянальным і мясцовым узроўні

Кампетэнцыі ў галіне адукацыйных тэорый, скіраваных на сацыяльныя змены

  • Разуменне падставовых канцэпцый, звязаных з трансфармацыйным навучаннем ( у прыватнасці, навучанне праз уласны досвед, кааператўнае навучанне, педагогіка прыгнечаных і г.д.)
  • Здольнасць кіраваць канфліктам і трансфармаваць яго

Агульныя трэнерскія кампетэнцыі

  • Разуменне тэорыі стыляў навучання і здольнась яе выкарыстання у трэнерскай дзейнасці
  • Разуменне сутнасці і здольнасць выкарыстання інтэрактыўных метадаў навучання
  • Здольнасць планавання і арганізацыі адукацыйных праграм па правах чалавека з адначасовым кантролем належнага ўзроўню якасці
  • Здольнасць ацэньваць і планаваць ацэньванне адукацыйных праграм
  • Здольнасць працаваць у камандзе і навучацца ад калег
  • Здольнасць ствараць навучальную атмасферу і адпаведны кантэкст для навучання правам чалавека
  • Здольнасць прыстасоўваць адукацыйныя модулі да патрэбаў мэтавых груп
  • Разуменне перавагаў групавой працы і здольнасць арганізаваць камунікацыю ў малой навучальнай групе

Дасягненне гэтых кампетэнцый – не справа аднаго трэнінга. Больш таго, не факт што кожны ўдзельнік доўгатэрміновай навучальнай праграмы зможа дасягнуць іх. Вялікая адказнасць за авалоданне пазначанымі кампетэнцыямі ляжыць на самім удзельніку і ягоным асяродку. Прапанаваныя кампетэнцыі – гэта нашае бачанне ‘ідэальнага трэнера’, пэўная пастаноўка планкі.

Цалкам магчыма, што мы ўлічылі далека не ўсе магчымыя кампетэнцыі – гэты спіс з’яўляецца адкрытым. Чакаю каментараў і спадзяюся на канструктыўнае абмеркаванне.

Сяргей Салей,

Грамадскае аб’яднанне “ВІТ”

Комментарии (3) на “Кампетэнцыі трэнера адукацыйных праграм у галіне правоў чалавека”

  1. Vitali, SPb пишет:

    Интересный материал. Спасибо!

  2. Ірына пишет:

    Вызначэнне ступені дасягнення ўдзельнікамі адпаведных трэнерскіх кампетэнцый падчас адукацыйных праграм ці курсаў - добрая ідэя. Але гэта магчыма толькі ў доўгатэрміновых праграмах, там дзе есць сумесная практыка трэнерскай дзейнасці, рэфлексіўная назіранне і абмеркаванне рэальных сітуацый (а не толькі гульневая імітацыя гэтага). Яшчэ мяне цікавіць сам механізм ацэнкі трэнерскіх кампетэнцый, паколькі, як я разумею, ён павінен абапірацца на нейкія канкрэтныя індыкатары (ці паказчыкі), якія магчыма назіраць.

  3. Siarhei пишет:

    Dzjakuj za kamentar, Iryna! Calkam zhodny, shto paunacennja acenka dasjahnennja trenerskih kampetencyj mahchymaja tolki u douhaterminovyh prahramah. Bolsh taho, padryhtavac trenera za 1 treninh, navat njahaj i 2-tydnjovy, nemahchyma - neabhodna znjasci mesca dlja aprabavannja atrymanyh kampetencyja na praktycy, indyvidualnaja i sumesnaja refleksija atrmanaha dosvedu, i dalej - pa spirali, na kolki hopic resursau i zhadannja pracavac razam.

    Shto tychycca vyznachennaj kolkasnyh i jakasnyh indykatarau dasjahnennja prapanavanyh kampetencyj, to heta charhovy krok, jakim my planuem zanjacca u blizheshy chas. A pakul my ne maem uzhodnenyh abektyunyh indykatarau i mehanizamau ih acennki, my vykarystouvaem 2 (davoli subjektyunyh) sposaba acenki - samacenka i naziranne.

Оставить комментарий

Spam protection by WP Captcha-Free